November 8th, 2013

Старая граница, Униформа

Брэст-2019. Першыя вынікі абмеркаваны

Оригинал взят у starcom68 в Брэст-2019. Першыя вынікі абмеркаваны
Пытанне далейшага лёсу Брэсцкай крэпасці наспела даўно, пытанне, якое абмяркоўвалася ад выканкамаўскіх кабінетаў да ліберальных кухань, але больш-менш сістэма ў пошуках адказу пачала прыходзіць з 2012 г., калі распачаў працу па ініцыятыве ўраджэнца Брэста, расійскага бізнэсмэна Уладзіміра Мікуліка, вялікі праект “Брэст-2019”, у межах якога была пастаўлена для вырашэння няпростая задача: стварыць на тэрыторыі крэпасці міжнародны гісторыка-культурны турыстычны цэнтр, які будзе здольны прыцягваць вялікую колькасць наведвальнікаў, як з захаду, так і ўсходу, цэнтру, які стане папулярным і сярод беларусаў не меньш чым Нясвізскі і Мірскі замкі.

Задачы пастаўлены, з вырашэннем іх трэба не марудзіць. Таму і пачала працаваць ў межах праекта група па інвентарызацыі і дакументацыі крэпасці пад кіраўніцтвам археолага і гісторыка фартыфікацыі Аляксея Старкова (г. Ізборск), куды ўвайшлі спецыялісты розных накірункаў дзейнасці і з розных краін. Так сталася, што поруч працавалі спецыялісты з Беларусі, Расіі і Літвы. Працавалі эфектыўна, прафесійна, вынікам чаго сталі навукова-тэхнічныя справаздачы па дакументацыі крэпасці (пералік архіўных дакументаў, прысвечаных крэпасці і перыяду, які папярэднічаў яе ўзвядзенню) і інвентарызацыі усіх матэрыяльных аб’ектаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Праца па дакументацыі выканана Ўладзімірам Арловым, гісторыкам фартыфікацыі, кіраўніком Цэнтра ваеннай спадчыны Літвы ў г. Коўне, інвентарызацыя, а гэта фіксацыя аб’ектаў, як вядомых, так і выяўленых, з наступным іх аналізам, была выканана групай спецыялістаў, і ў першую чаргу спецыялістаў з Брэста, пад агульнай каардынацыяй Аляксея Старкова. Хочацца адзначыць, што неацэнную дапамогу ў працы па фіксацыйных абмерах нерухомых матэрыяльных аб’ектаў аказала выкладчыца архітэктурнага факультэта Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта Ганна Кароза. І яшчэ нельга не ўзгадаць, што падтрымана праца была і з боку мясцовых выканаўчых органаў, і з боку адміністрацыі і супрацоўнікаў мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”.

А ўвогуле, калі гаварыць пра праект “Брэст-2019”, то яго старту папярэднічала яшчэ адна ініцыятыва, якая таксама ўзнікла пры падтрымцы Ўладзіміра Мікуліка і аб’яднала вакол сябе шэраг спецыялістаў у галіне архітэктуры, гісторыі, краязнаўства, тых, хто неабыякавы да гісторыі і культуры свайго гораду, да яго спадчыны. Гэта інтэрнэт-партал ibrest.ru , дзе адкрыта, для ўсеагульнага доступу выстаўляюцца ўнікальныя архіўныя дакументы па гісторыі гораду і крэпасці, даследчыя матэрыялы, унікальная графіка і шмат чаго іншага. Менавіта гэты сайт стаў сапраўдным дапаможнікам для правядзення даследаванняў у галіне гісторыі архітэктуры і горадабудаўніцтва тысячагадовага гораду. І ёсць усе падставы для гонару, бо рэдактарам рэсурса з’яўляецца кіраўнік Брэсцкага абласнога аддзялення Таварыства аховы помнікаў, архітэктар Аляксандр Жаркоў.
Collapse )